Гісторыя, якой мы ганарымся

На цяперашняй тэрыторыі Беларусі да рэвалюцыі не было вышэйшых навучальных устаноў. Толькі ў 1918 г. былі створаны Віцебскі і Магілёўскі педінстытуты і Віцебскі архітэктурны інстытут (праіснаваў да 1923 г.). У 1919 г. Народны камісарыят асветы прыняў пастанову «Аб арганізацыі 15-ці савецкіх універсітэтаў», аднак у выніку інтэрвенцыі ажыццявіць запланаванае не атрымалася. У 1919 г. быў адноўлены Горы-Горацкі земляробчы інстытут (заснаваны на базе земляробчай школы); у 1920 – Беларускі політэхнічны інстытут; у 1924 – Віцебскі ветэрынарны інстытут; у 1930 – Медыцынскі інстытут. Восенню 1921 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У яго склад увайшлі факультэты: рабочы (РАБФАК), грамадскіх навук (рыхтаваў эканамістаў і юрыстаў), медыцынскі, сельскагаспадарчы і фізіка-матэматычны. На першы курс эканамічнага аддзялення факультэта грамадскіх навук (назва яго часта змянялася) было прынята 237 студэнтаў.

У 1925 г. гэта быў факультэт права і гаспадаркі і ў ім 4 эканамічныя аддзяленні: адміністрацыйна-прамысловае, планава-статыстычнае, фінансавае і кааператыўнае. Упершыню ў рэспубліцы быў ажыццяўлён выпуск 85 эканамістаў для прамысловасці, фінансавых і крэдытных органаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт справядліва называюць «дзедам» усіх эканамістаў. Узрастальная патрэбнасць дзяржавы ў адукаваных спецыялістах знайшла адлюстраванне ў рэзалюцыі лістападаўскага Пленума ЦК ВКП (б) 1929 г. “Аб кадрах народнай гаспадаркі». У ёй гаварылася аб неабходнасці паляпшэння падрыхтоўкі эканамістаў рознага профілю.

Ужо ў 1930 г. быў створаны самастойны факультэт народнай гаспадаркі з пяццю аддзяленнямі: прамысловым, сельскагаспадарчым, планава-статыстычным, фінансавым і кааператыўным. У гэты час на факультэце навучалася 300 студэнтаў, а ў 1931 г. іх было ўжо больш за 700. На базе факультэта грамадскіх навук БДУ ў адпаведнасці з рэзалюцыяй пастановы СНК БССР № 215 ад 7 ліпеня 1931 г. былі створаны 3 самастойныя інстытуты: Планава-эканамічны, Фінансава-эканамічны і Інстытут спажывецкай кааперацыі (Кааператыўны) рознага адміністрацыйнага падпарадкавання. Гэтыя інстытуты з’явіліся прабацькамі нашай ВНУ. Праіснавалі яны ўсяго каля двух гадоў. Выпускі склалі 335 чалавек. Аднак вопытных эканамічных кадраў не хапала, так як размеркаванне спецыялістаў ішло па ўсёй краіне (ад Брэста да Камчаткі і Далёкага Усходу).

1933

20 мая 1933 г. Саўнаркам БССР прыняў пастанову № 721 аб арганізацыі на базе трох вышэйзгаданых ВНУ новай навучальнай установы, якая спачатку была названа Інстытутам народнай гаспадаркі з месцазнаходжаннем у г. Мінску. Гэты дзень і лічыцца днём нараджэння нашай ВНУ і, адпаведна, планава-эканамічнага факультэта (факультэта менеджменту – пасля). Да восені 1933 г. дзяржплан БССР зацвердзіў статус Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (БДІНГ).

1935

20 студзеня 1935 г. па просьбе калектыву інстытута ўрад рэспублікі прыняў пастанову аб прысваенні БДІНГ імя У.У. Куйбышава, якое ён насіў да 1992 г. За шматгадовую гісторыю мяняў свой вобраз не толькі сам інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), але і наш факультэт. У прыватнасці, патрэбнасці народнай гаспадаркі ў спецыялістах эканамічнага профілю прыводзілі да розных арганізацыйных змен:

  • 1968 год – у структуры інстытута было выдзелена два факультэты – планава-эканамічны і планава-эканамічны завочны;
  • 1969 год – планава-эканамічны факультэт быў падзелены на два: – факультэт эканомікі прамысловасці (спецыяльнасці «Планаванне прамысловасці», «Эканоміка працы»); – факультэт планавання народнай гаспадаркі (спецыяльнасці «Планаванне народнай гаспадаркі», «Планаванне сельскай гаспадаркі», «Эканоміка і планаванне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння»).

У гэты перыяд на факультэце функцыянавалі кафедры эканомікі прамысловасці, арганізацыі і планавання прамысловых прадпрыемстваў, планавання народнай гаспадаркі, тэхналогіі найважнейшых галін прамысловасці, арганізацыі і планавання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Ва ўніверсітэце была створана кафедра эканамічнай кібернетыкі і праграмавання.

1973

Факультэт зноў стаў адзіным планава-эканамічным факультэтам, і да ўжо існуючых кафедр дадалася кафедра эканомікі працы.

1975

У сувязі з перадачай падрыхтоўкі эканамістаў па спецыяльнасці «Эканоміка працы» Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту (на падставе загада Міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 22.01.75) загадам рэктара БДІНГ ім. У.У. Куйбышава скасавана кафедра эканомікі працы.

1984

Склад кафедраў за факультэтамі быў замацаваны загадам па інстытуце. У склад планава-эканамічнага факультэта ўвайшлі кафедры кіравання народнай гаспадаркай, тэхналогій найважнейшых галін прамысловасці, эканомікі прамысловасці, арганізацыі і планавання прамысловых прадпрыемстваў, планавання народнай гаспадаркі, планавання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, медыцынскай падрыхтоўкі і грамадзянскай абароны. Працягнуў сваё функцыянаванне планава-эканамічны завочны факультэт.

1989

Склад кафедраў планава-эканамічнага факультэта зноў змяніўся. У структуры факультэта працягнулі функцыянаванне кафедры: арганізацыі і кіравання, эканамічнага і сацыяльнага планавання (раней кафедра планавання народнай гаспадаркі), эканомікі прамысловасці, эканомікі і планавання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, тэхналогіі найважнейшых галін прамысловасці.

1991

На падставе пастановы Вучонага савета інстытута ад 26.03.1991 г. планава-эканамічны факультэт быў пераназваны ў факультэт эканомікі і кіравання вытворчасцю, кафедра эканомікі і планавання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння перайменаваная ў кафедру гандлю сродкамі вытворчасці, кафедра эканамічнага і сацыяльнага планавання ў кафедру планавання і прагназавання.

На падставе рашэння Вучонага савета інстытута ад 28.05.91 г. на факультэце эканомікі і кіравання вытворчасцю ўтвораны кафедры міжнародных эканамічных адносін і эканамічнай кібернетыкі. Пасля кафедра міжнародных эканамічных адносін стала асновай аднайменнага факультэта. У канцы 1991 года ў структуры факультэта эканомікі і кіравання вытворчасцю функцыянавалі кафедры: арганізацыі і кіравання, эканомікі прамысловасці, планавання і прагназавання, гандлю сродкамі вытворчасці, тэхналогіі найважнейшых галін прамысловасці, міжнародных эканамічных адносін, эканамічнай кібернетыкі, эканамічнай тэорыі і гісторыі эканамічных вучэнняў, бяспекі жыццядзейнасці.

1992

20 студзеня 1992 года БДІНГ ім. У.У. Куйбышава ператвораны ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь). У адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 8-К ад 3.02.92 г. на пасяджэнні Вучонага савета 25 лютага 1992 года прынята пастанова аб змене арганізацыйнай структуры ўніверсітэта. У прыватнасці, у сувязі з увядзеннем адзінай формы кіравання дзённым і завочным навучаннем быў ліквідаваны планава-эканамічны завочны факультэт, а факультэт эканомікі і кіравання вытворчасцю ператвораны ў факультэт менеджменту (загад рэктара № 68 ад 13.03.92 г.) у складзе кафедраў арганізацыі і кіравання, эканомікі прамысловасці, эканамічнай кібернетыкі, планавання і прагназавання, арганізацыі і планавання прадпрыемстваў АПК, эканомікі АПК, філасофіі.

Загадам рэктара ад 13.05.92 г. № 121-А кафедра эканомікі прамысловасці перайменавана ў кафедру эканомікі прамысловых прадпрыемстваў, кафедра эканамічнай кібернетыкі – у кафедру прыкладной матэматыкі і эканамічнай кібернетыкі.

Загадам № 105-А ад 5.04.94 г. ліквідавана кафедра планавання і прагназавання.

Загадам міністра адукацыі № 97 ад 21.02.97 г. БДЭУ дадзены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі ў галіне падрыхтоўкі эканамічных кадраў.

На падставе рашэння Вучонага савета (пратакол № 11 ад 24 чэрвеня 1997 г.) кафедра арганізацыі і планавання прадпрыемстваў АПК перайменаваная ў кафедру кіравання прадпрыемствамі АПК. На падставе рашэння Савета ўніверсітэта (пратакол № 4 ад 30.12.97 г.) загадам рэктара ад 14.01.98 г. № 5-А кафедры кіравання прадпрыемствамі АПК і эканомікі АПК аб’яднаны ў кафедру эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК, кафедра рэгіянальнага кіравання перададзена з факультэта міжнародных адносін на факультэт менеджменту.

2001

У структуры факультэта менеджменту функцыянавалі наступныя кафедры: арганізацыі і кіравання, эканомікі прамысловых прадпрыемстваў, прыкладной матэматыкі і эканамічнай кібернетыкі, эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК, рэгіянальнага кіравання, філасофіі.

2003

У структуру факультэта з факультэта «Вышэйшая школа кіравання і бізнесу» перададзена кафедра інфармацыйных тэхналогій у кіраванні (пасля – кафедра эканамічнай інфарматыкі). Факультэт у гэтыя гады ажыццяўляў падрыхтоўку па спецыяльнасцях «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» (спецыялізацыі «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве АПК», пасля вылучылася спецыялізацыя “Эканамічная інфарматыка», якая пазней трансфармавалася ў адпаведную спецыяльнасць) , “Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне», «Эканамічная кібернетыка». З 1 верасня 2003 года ў складзе ФМ пачала функцыянаваць кафедра эканомікі і сацыялогіі працы (пасля – кафедра эканомікі працы) і распачата падрыхтоўка эканамістаў па працы ў рамках спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве».

2004

У структуры факультэта створана яшчэ адна кафедра – кафедра эканомікі прыродакарыстання і адпаведна адкрыта падрыхтоўка па спецыялізацыі «Эканоміка прыродакарыстання» ў рамках спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве».

2009

Началася падрыхтоўка па напрамку спецыяльнасці “Менеджмент (інавацыйны)». 2009 год – кафедра рэгіянальнага кіравання перайменавана ў кафедру нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання.

2015

Рашэннем Савета ўніверсітэта ад 23.12.2014 г. кафедры арганізацыі і кіравання і эканомікі працы аб’яднаны ў адну з назвай кафедра арганізацыі і кіравання. У мэтах працягу дыверсіфікацыі падрыхтоўкі спецыялістаў эканамічнага профілю ў 2015 годзе на факультэце распачата падрыхтоўка па спецыяльнасці “Нацыянальная эканоміка».

2016

Кафедра прыкладной матэматыкі і эканамічнай кібернетыкі перайменавана ў кафедру матэматычных метадаў у эканоміцы.

2017

Факультэт менеджменту, улічваючы запыты рынку працы, працягвае пашыраць спектр спецыяльнасцяў і спецыялізацый. Пачалася падрыхтоўка па спецыялізацыі «Кіраванне персаналам» напрамку спецыяльнасці “Менеджмент (сацыяльна-адміністрацыйны)». З цягам часу на факультэце адбываліся змены ў колькасным складзе кафедраў, якія пасля сталі ўсе выпускаючымі, мяняліся іх назвы, пашыраўся спектр спецыяльнасцяў і спецыялізацый, па якіх ажыццяўляецца ў цяперашні час падрыхтоўка спецыялістаў. Але пры ўсіх зменах галоўным напрамкам адукацыйнай дзейнасці быў і застаецца эканамічны складнік (што знайшло сваё адлюстраванне ў назве абсалютнай большасці кафедраў факультэта і шэрагу спецыяльнасцяў) у сукупнасці з сістэмай кіраўнічых дысцыплін. Таму заканамерным і мэтазгодным стала адлюстраванне гэтага факту ў назве факультэта з дапамогай змены яго назвы з факультэта менеджменту на факультэт эканомікі і менеджменту, якое ён атрымаў з 1 студзеня 2018 года (загад рэктара № 3-А ад 04.01.2018 г.). Час ішоў … І лічбавая трансфармацыя грамадскіх адносін, што адбываецца сёння, запатрабавала масавага «ўбудавання» інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій як у традыцыйныя віды дзейнасці, так і ў фарміраванне на іх аснове новых формаў эканамічных узаемадзеянняў. А гэта выклікала да жыцця неабходнасць пэўнага рэфармавання ў галіне бізнес-адукацыі, што прывяло да стварэння новага факультэта – факультэта лічбавай эканомікі, у склад якога была перададзена з факультэта эканомікі і менеджменту падрыхтоўка па спецыяльнасці «Эканамічная інфарматыка» і напрамку спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка (інфармацыйныя тэхналогіі ў эканоміцы)». І зноў наш факультэт, як і ва ўсёй сваёй гісторыі, стаў прабацькам чагосьці новага ў нашым універсітэце. Загад № 739-А аб стварэнні факультэта лічбавай эканомікі быў падпісаны 4 ліпеня 2019 года.

2020

Пачата падрыхтоўка па спецыялізацыі «Кіраванне інтэлектуальнай уласнасцю» у межах спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве». У цяперашні час факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па самаму разнастайнаму спектру спецыяльнасцяў эканоміка-кіраўніцкага профілю.

У розныя гады факультэт узначальвалі:

У перыяд функцыянавання завочнага планава-эканамічнага факультэта яго дэканамі былі:

  • Язвінская Ядвіга Аляксандраўна – доктар эканамічных навук, прафесар;
  • Лісіцын Мікалай Андрэевіч – доктар эканамічных навук, прафесар;
  • Бялько Сяргей Пятровіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт і інш.

Дзённым, а ў наступстве аб’яднаным, планава-эканамічным факультэтам кіравалі:

  • Зонтаў Яўген Герасімавіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт;
  • Мартыновіч Мікалай Сцяпанавіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт;
  • Рудэнка Аляксандр Іванавіч – доктар эканамічных навук, прафесар;
  • Ярцаў Аляксандр Іванавіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт;

Факультэт менеджменту ўзначальвалі:

  • Бялько Сяргей Пятровіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт (1992-1998);
  • Догіль Леанід Піліпавіч – доктар эканамічных навук, прафесар (1998-2003);
  • Сімховіч Валянціна Аляксандраўна – доктар сацыялагічных навук, прафесар (2003-2016);

З верасня 2016 г. факультэт менеджменту (пасля факультэт эканомікі і менеджменту) узначаліла кандыдат эканамічных навук, дацэнт А.У. Петрычэнка.

Гісторыя працягваецца…