Агульнаўніверсітэцкая дыктоўка ў БДЭУ

image_pdfimage_print

1 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. У гэты дзень ужо стала традыцыяй для кафедры беларускай і рускай моў ФМБК запрашаць усіх прыхільнікаў роднай мовы, літаратуры і культуры на Агульнаўніверсітэцкую дыктоўку. Тэкст дыктоўкі складзены па творах класіка беларускай літаратуры Максіма ГАРЭЦКАГА, бо 18 лютага адзначаўся 130 дзень народзінаў пісьменніка.

Дэкан ФЭМ разам са студэнтамі сустрэліся ў канферэнц-зале, каб напісаць дыктоўку з выбітнай беларускай пісьменніцай, літаратураведам, перакладчыцай, рэдактарам аддзела культуры газеты “Звязда” Людмілай РУБЛЕЎСКАЙ.

Удзельнікаў прывітаў прарэктар па навуковай працы Ягор Уладзіміравіч ГУСАКОЎ, які адзначыў, што беларуская мова, сапраўды, адна з самых мілагучных моў у свеце, і пажадаў усім поспехаў. Загадчыца кафедры беларускай і рускай моў Вольга Мікалаеўна ГУБСКАЯ патлумачыла, чаму тэкстам для дыктоўкі былі абраныя творы Максіма ГАРЭЦКАГА: “Сёння мы назіраем, як склаўся гістарычны пазл: сучасны беларускі пісьменнік чытае тэкст выбітнага класіка беларускай літаратуы. У гэтым бачыцца пераемнасць традыцый у развіцці мастацкага слова”.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ таксама падкрэсліла знакавасць таго, што для дыктоўкі абралі тэкст аўтарства вялікага беларускага пісьменніка, пісьменніка сусветнага ўзроўню Максіма ГАРЭЦКАГА: “Яго творы – багацце і скарбніца беларускай мовы,  шмат слоў пісьменнік дадаў у беларускую лексіку – штосьці з мясцовай гаворкі, а штосьці свае”. Удзельнікі з задавальненнем слухалі падрыхтаваны тэкст філасофскага зместу  пад назвай “Жыццё, жыццё… як тыя мары…”.