1

Нашы зноў у пераможцах!

27 красавіка 2018 г. адбылася ўніверсітэцкая алімпіяда па беларускай мове сярод студэнтаў І-га курса БДЭУ. Алімпіяда складалася з дзвюх частак – культуралагічнай і эканамічнай.

Першая частка алімпіяды – краіназнаўчая віктарына. Яна праводзілася з мэтай абуджэння ў студэнтаў цікавасці і любові да гісторыі і культуры беларускага народа. Удзельнікі павінныя былі выявіць веды і кемлівасць, каб адказаць на пытанні альбо рэканструяваць лакуны паводле празрыстых падказак. Асабліва прыемна адзначыць, што студэнты БДЭУ няблага ведаюць асветнікаў, культурных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, якія сваёй плённай працай зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё мовы, культуры і эканомікі Беларусі. Да прыкладу, удзельнікі збольшага адказалі на пытанні краіназнаўчай віктарыны пра акадэміка Яўхіма Карскага, у фундаментальнай працы якога ўпершыню была абгрунтаваная нацыянальная самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа (“Беларусы”, 1903 – 1922); пра акадэміка Браніслава Тарашкевіча, аўтара першай друкаванай граматыкі для школ, што сталася пачатковым этапам нармалізацыі беларускага правапісу (1918); пра двух слынных беларускіх мецэнатаў пачатку ХХ ст. Караля Яна Гутэн-Чапскага і Эдварда Вайніловіча: першы быў мінскі гарадскі галава (1890 – 1901), дзякуючы дзейнасці якога праводзіліся нечуваныя датуль інтэнсіўныя работы па добраўпарадкаванні Мінска, а другі – буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч, які тройчы абіраўся ў расійскую Дзяржаўную Думу, быў фундатарам пабудовы Чырвонага касцёла ў Мінску, што ў наш час распачаў працэс ягонай беатыфікацыі. Акрамя таго, навучэнцы пазнаёміліся з новымі фактамі беларускай культуры: нават студэнтка з Пастаўшчыны не ведала, што сусветна вядомы даследчык акіяну Жак Іў Кусто паходзіць з беларускага Азёрнага краю (вёска Дварчаны).

Другая частка – пісьмовая работа эўрыстычнага тыпу па гісторыі і сучасным стане беларускай эканамічнай тэрміналогіі, лексіка-граматычных і стылістычных сродках сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Студэнты ахвотна развязвалі лінгвістычныя задачкі на аснове прафесійнай лексікі. Удзельнікі алімпіяды выявілі глыбокія веды па матэрыялах абедзвюх частак.

Пераможцам алімпіяды стала Карняйчук Таццяна – студэнтка ФЭМ, 1 курс, група ДКІ-3 (52,5 б.). Другое месца заняла Паўлава Ірына – студэнтка ФМк, 1 курс, група ДМЛ-2 (51 б.), а трэцяе апанавала Ляўчук Карына – студэнтка ФМк, 1 курс, група ДМР (47 б.). Дзяўчатам былі ўручаныя граматы і паштоўкі серыі “Не маўчы па-беларуску”.

Віншуем пераможцаў!