1

Вiншуем з перамогай!

Падведзены вынікі конкурсу дэкламатараў вершаў на беларускай мове, прысвечанага Сусветнаму дню паэзіі, які адзначаецца 21 сакавіка. Арганізатарам конкурсу выступіла кафедра беларускай і рускай моў БДЭУ.

Першае месца заваявала Бярозка Анастасія, студэнтка 1 курса ФЭМ, група ДКТ.

На другім месцы студэнт 1 курса ФП Рагачэўскі Аляксей, група ДПХ-3. Асноўная барацьба разгарэлася менавіта паміж гэтымі дэкламатарамі.

Удзельнікам неабходна было прачытаць верш напамяць, зняць відэа. У фінал конкурсу выйшлі сем студэнтаў розных факультэтаў, іх ролікі былі размешчаны “У кантакце” на старонцы БРСМ БДЭУ (https://vk.com/wall-30776153_8151). У галасаванні за лепшага дэкламатара верша прынялі ўдзел каля 3700 чалавек. Больш за 1200 галасоў атрымала студэнка ФЭМ Бярозка Анастасія, яна чытала верш Алены Аскірка «Калі ты знік…». Больш за 1000 чалавек аддалі свае галасы за студэнта ФП Рагачэўскага Аляксея, ён чытаў верш Янкі Купалы “А яна…”

Віншуем Анастасію, якая заваявала перамогу ў няпростай барацьбе! Мы задалі некалькі пытанняў пераможцы:

  • Анастасія, ці складана было падрыхтавацца да ўдзелу ў конкурсе?
  • Перш-наперш трэба было выбраць верш і вывучыць яго напамяць. Я спыніла свой выбар на лірычным вершы пра каханне. Мне хацелася, каб кожны зноў успомніў пра такія важныя словы ў нашым жыцці, як «я кахаю».
  • Як здымалі ролік?
  • Ролік здымалі каля Вялікага тэатра оперы і балета. На мой погляд, гэта было самае падыходнае месца, каб перадаць увесь лірызм і рамантычнасць верша. Я ўдзячная аднагрупніку Ягору Шарабайку за дапамогу з відэа. Спадзяюся, што і далей мы будзем ствараць нешта цікавае сумесна.
  • Хто Вас падтрымліваў?
  • Словы ўдзячнасці хочацца сказаць аднагрупнікам, якія падтрымалі мяне, калі я сумнявалася, ці прымаць удзел у конкурсе. Асобны дзякуй нашаму выкладчыку беларускай мовы Наталевіч Вользе Генадзьеўне за тое, што яна прышчапляе нам любоў да беларускай паэзіі. І вядома, хочацца сказаць вялікі дзякуй нашай вялікай і дружнай сям’і ФЭМ. Вельмі прыемна ўсведамляць, што столькі людзей не засталіся абыякавымі. Дзякуй вялікі за вашыя галасы! Я шчасліва, што я – часцінка гэтага факультэта. Самая дружная, самая моцная сям’я ФЭМ непераможная!